Пімен Панчанка
Адценне слоў — не глупства,
Ты ім не пагарджай.
Скарынка. Скіба. Луста.
Акраец. Каравай.
Акраец — шлях, дарога
І зайцаў хлеб лясны.
Скарынка — сум, трывога
І боль былой вайны.
Здараецца, вядома,
Што, выпіўшы ў гасцях,
Грызе скарынку дома
Пахмурны халасцяк.
А скіба — дзень вясновы.
Ралля. Плугі. Сяўба.
Наш хлеб — жыцця аснова,
Працяг і барацьба.
А луста — слова сытнае,
Духмянае і шчодрае.
Яно ад маці — сітнае
Ці наздравата-чорнае.
А каравай — вясельнае,
Святочнае яно.
На ручніку нясе яно
І радасць, і віно.
І справа тут не ў ежы,
А ў смачным змесце слоў,
І ў жытным ветры свежым,
І ў звоне каласоў...
Робім да стомы. Цягнемся. Марым.
Век здаганяем. Героямі ходзім.
Ззяем, як сонца. Чарнеем, як хмары.
Нешта губляем. Амаль не знаходзім.
Моцна кахаем. Ад шчасця заходзімся.
Рады, як чэрці. Як людзі, сумуем.
Сварымся. Мірымся. I разыходзімся.
Дзён не хапае. Тыдні марнуем.
Любім дзяцей. Патураем ім. Цешымся.
Радуюць дзеці. Дзеці палохаюць.
Грукне бяда — ад адчаю хоць вешайся.
Ну і нашчадкі! Ахаем, охаем.
Верым з калыскі, што лепшае спраўдзіцца.
Побыт бацькоўскі не памятаем.
Плачам. Рагочам. Клянёмся не скардзіцца.
Дзесьці насмецім. Не падмятаем.
Добра ўсміхаемся. Злосна жартуем.
Здольнасці тупім. Хітрыкі точым.
Жонак ашукваем. Жонак раўнуем.
Некага хвалім. Некага топчам.
Грозна гарлаем. З глупствам згаджаемся.
I галасуем. I пратэстуем.
То абдымаемся з сябрам, то лаемся.
Лічым здабыткі і тару пустую.
Не заўважаем. Чула клапоцімся.
Успамінаем. І забываем.
Хутка узносімся. Коцімся, коцімся.
Маем што трэба. Нічога не маем.
Планы складаем. Махаем рукою.
Зрэдку бушуем. Ціха згараем.
Прагнем спакою. Не бачым спакою.
Моўчкі хварэем. I паміраем.
Пачаўся перапіс грахоў:
Іх як калосся ў жыце...
Усе грахі сваіх сяброў,
Суседзяў, саслужыўцаў,
Дзяцей малых,
Бацькоў старых,
Буфетчыц на вакзале
і падначаленых сваіх —
3 прыемнасцю назвалі.
Той хабару начальству даў,
Той пажывіўся ў касе,
Той спекульнуў,
Той недадаў,
Той «Жыгулі» свае прадаў
Выгодна на Каўказе.
0, выкрывацелі грахоў,
Цаню я вашу смеласць!
Тут мала ўжо прамоў.
Вымоў:
Здымаць пара наспела.
Я рукавы ўжо закасаў,
Ды стала мпе нядобра:
Ніхто, ніхто не запісаў
Свой грэх, хоць самы дробны.
У яго жалезны кожны тэзіс
і цытат жалезных грозны звон.
і чаго, чаго ў навуку лезе
Гэты мастадонт?
Выбівае п’едэстал з-пад Ніцшэ,
Шпенглера лупцуе, аж касее,
А на кожнай вузенькай спаднічцы
Вочы сее.
Цёмны ідал, кнырысты і дужы,
Што яму да ісціны жывой!
Ён стагоддзяў мудрасць тупа душыць,
і бяднееш ты, сучаснік мой.
Толькі ён сябе не лічыць лішнім,
На цытатным корме раздабрэў.
Дзе тут дыялектыка?
Калі ж ён
Грукнецца, загнецца, адамрэ?
Лясы нырнулі ў хмары шэрыя,
Прыкрыўшы голлем птушанят.
А ты смяялася, не верыла,
Што будзе дождж, што будзе град.
Углыб, углыб усё імчалася
І за сабой мяне вяла;
Хавала вочы і смяялася
І нейкай дзіўнаю была.
А гром рыкаў ужо раз’юшана
За кожнай елкай і сасной.
І прашаптала ты узрушана:
“Што ж нам рабіць, харошы мой?”
А елка, хітрая і цёмная,
У сховішча пазвала нас.
Я вочы цёмныя, бяздонныя
Так блізка ўбачыў першы раз.
Завесілі нас ліўні белыя,
Загінуў свет, дарог няма.
І да мяне, заўжды нясмелая,
Ты прыгарнулася сама.
Стагналі дрэвы мнагарукія,
Ламаўся з грукатам прастор,
І сэрцы ў лад грымотам грукалі,
І бліскавіцы секлі бор…
Забуду ўсё: сяброў і вершы я,
Ды зберагу да скону дзён
Гарачых вуснаў шчырасць першую,
Ігліцы пах і ліўня звон.